суббота, 24 ноября 2012 г.

Зялёныя і Віленскі мемарандум

        БПЗ павінна ўстрымацца ад падпісання так званага Віленскага мемарандума пра каардынацыю апазіцыйных сіл на базе БНР. Такая агульная пазіцыя Алега Новікава ( старшыня БПЗ) і Юрыя Глушакова (першы намеснік старшыні БПЗ).
     На іх погляд цяперашні ідэалагічны фармат гэтай ініцыятывы прымушае сумнявацца ў тым, што праект Івонкі Сурвіллы ( старшыня Рады БНР) сапраўды з’яўляецца выразнікам ідэй і прынцыпаў аўтараў Беларускай Народнай Рэспублікі
      Нагадаем, што 3-га лістапада ў Вільні шэрагам лідараў беларускіх апазіцыйных структур быў падпісаны “Выніковы Мемарандум Аб захадах для забеспячэння незалежнасці Беларусі”. Адпаведна тэксту заявы ”Прадстаўнікі беларускай палітычнай і грамадзянскай супольнасці прызнаюць Раду БНР рэзервовым палітычным дэпазітарам беларускай незалежнай дзяржаўнай традыцыі”,
       На думку Зяленых т.з “дэпазітар” не можа прыкрывацца брэндам БНР паколькі не мае і з ёй нічога агульнага. Так, статутныя матэрыялы БНР у першую чаргу дэкларуюць сацыялістычны характар гэтага дзяржаўнага праекту аж да сацыялізацыі прадпрыемстваў і забароны прыватнай уласнасці на зямлю. Цяперашняя структура, якая называе сябе БНР, паслядоўна ігнаруе сацыяльную тэматыку, што можа разглядацца як сведчанне яе адрыву ад як ад беларускай рэальнасці, так і ад ідэйнай спадчыны БНР.
       Такім чынам, цяперашняя т.зв. “Рада БНР” уяўляе з сябе арганізацыю кансерватыўна-ліберальнага накірунку, якая адышла ад ідэалаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Акрамя гэтага хапае праблем, якія ўскладняюць прызнанне правамоцтваў гэтай структуры як юрыдычнага, так і палітычнага характару.
        Але самае важная, на думку лідараў БПЗ, праблема заключаецца ў тым, што згуртаванне незалежных грамадскіх ініцыятыў і палітычных партый вакол эмігранцкіх структур можа сведчыць толькі пра крызіс цяперашніх лідараў апазіцыйнага руху. Апошняе ў сваю чаргу дае вельмі зручную нагоду іх супернікам казаць пра тое, што ўсярэдзіне краіны цяперашнія правадыры апазіцыі не маюць ніякай апоры.
         Будучыня незалежнай Беларусі ляжыць не за яе межам. Будучыня - ў здольнасці даць адказ на найважныя сацыяльныя, эканамічныя і экалагічныя пытанні ў самай краіне, у цеснай сувязі з галоўнымі патрабаваннямі беларускага народа.